Міжнародны дзень роднай мовы

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны ЮНЕСКА і святкуецца штогод з 2000 года. Гэты дзень – яшчэ адна нагода падумаць пра лёс нашай роднай мовы. У Міжнародны дзень роднай мовы ўсе мовы прызнаюцца роўнымі. Кожная з іх з’яўляецца ўнікальнай спадчынай, якую мы павінны захаваць для нашчадкаў.
У нашай школе ў гэты дзень традыцыйна праводзілася Агульная дыктоўка, у якой прынялі ўдзел усе жадаючыя з ліку настаўнікаў і вучняў. З прывітальным словам звярнуліся намеснікі дырэктара Таццяна Рыгораўна Алдашова і Людміла Паўлаўна Кавалькова. У Год малой радзімы было вырашана пісаць тэкст "Любімы горад”. З кожным годам колькасць жадаючых прымаць удзел у дыктоўцы павялічваецца. Для некаторых з іх гэта стала традыцыяй. Сёлета жадаючых давялося размяшчаць у некалькіх кабінетах. А вось колькасць памылак у работах памяншаецца. Правяраць іх – адно задавальненне…
Родная мова не патрабуе шмат ад сваіх носьбітаў. Яе трэба проста любіць і паважаць, берагчы як нацыянальную каштоўнасць. Мы часам саромеемся гаварыць па-беларуску, называем тысячы прычын-перашкод для гэтага. А між тым толькі родная мова здольная паказаць усяму свету нашу самабытнасць, адметнасць, індывідуальнасць. Яна своеасаблівы культурны код, люстэрка грамадска-палітычнага развіцця нашага народа, яго мыслення і псіхікі. Яна не знікне, калі будзе крынічыць людское жаданне размаўляць на ёй. Гаварыць па-беларуску – значыць пазнаваць, прызнаваць і паважаць сябе як нацыю.
Л.В. Селіфонтава, кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў гісторыі, беларускай мовы і літаратуры